13 лютага - Сусветны дзень радыё

13 лютага шматлікія краіны ў дзесяты раз адзначаць Сусветны дзень радыё. Рашэнне аб правядзенні гэтага штогадовага свята было адобрана на Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 2011 годзе. А адзначаць яго прапанавана 13 лютага - у дзень стварэння «Радыё ААН» ў 1946 годзе.

Кожны год мерапрыемства праходзіць пад пэўным дэвізам. Тэма 2021 года - «Новы свет, новае радыё». Радыё існуе ўжо больш за 110 гадоў. За гэты час яно стала неад'емнай часткай нашага жыцця. Па меры таго, як мяняўся свет, мянялася і радыё.

Радыё - гэта сродак камунікацыі з самай шырокай аўдыторыяй у свеце. Яно валодае вялікімі магчымасцямі, і адыгрывае выдатную ролю ў надзвычайных сітуацыях, палягчаючы аказанне дапамогі пры стыхійных бедствах.

І сёння радыё працягвае ўдасканальвацца, бярэ на ўзбраенне новыя тэхналогіі.

Як кажуць заснавальнікі свята, яно павінна не толькі аддаць належнае радыё як сродку сувязі, але і паслужыць умацаванню супрацоўніцтва паміж усімі, хто мае дачыненне да радыё.

Віншуем усіх работнікаў радыё і шматлікую аўдыторыю слухачоў са святам!

Гісторыя беларускага радыё пачалася 15 лістапада 1925 года, калі ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё шырокавяшчальнай радыётэлефоннай станцыі. У той жа дзень у 18 гадзін 30 хвілін у эфіры ўпершыню прагучалі словы: «Гаворыць Мінск!»

У нашай краіне адзначаецца таксама Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, які святкуюць 7 мая. Менавіта ў гэты дзень у 1895 годзе выдатны рускі фізік Аляксандр Папоў правёў першы сеанс радыёсувязі.


Source URL: https://xn--90aiaazdbkr9a.xn--90ais/news/main/13-lyutaga-susvetny-dzen-radyyo