«Белтэлекам» даў Інтэрнэт на хуткасці 500 Мбіт/с для першай кіберспартыўнай арэны ў Мінску

«Белтэлекам» аказаў тэхнічную падтрымку чарговай кіберспартыўнай ініцыятыве. Інтэрнэт на хуткасці 500/500 Мбіт/с ад нацыянальнага аператара з'явіўся на першай кіберспартыўнай арэне міжнароднага ўзроўню ў Мінску.

Найбуйнейшая пляцоўка для гульняў і кіберспартыўных мерапрыемстваў Meta Arena ўрачыста адкрыта 29 красавіка. У святочнай цырымоніі прынялі ўдзел генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Юры Петручэня і намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях Сяргей Туромша.

Супрацоўніцтва «Белтэлекама» і Беларускай федэрацыі кіберспорту пачалося ў 2019 годзе. Сумесная праца стартавала з эксклюзіўных трансляцый кіберспартыўных турніраў на тэлеканале «ЯСНАе ТV». Наступным крокам стаў запуск інфармацыйна-забаўляльнай перадачы «Ясна аб кіберспорце». А сёння партнёрства набыло новы фармат.

Дзякуючы ўзаемадзеянню бакоў на Meta Arena створана сучасная тэлекамунікацыйная інфраструктура. У «Белтэлекаме» ўпэўненыя, што менавіта гэтая лакацыя дазволіць у поўнай меры задзейнічаць рэсурс валаконна-аптычнай лініі сувязі.

Тут будуць праводзіцца трэніроўкі, спаборніцтвы і анлайн-трансляцыі. Gaming-модуль на 40 гульнявых месцаў абсталяваны магутнымі прафесійнымі кампутарамі і аксэсуарамі для камфортнай гульні 24/7. Stream-room уяўляе сабой паўнавартасную студыю з броадкастынгавым абсталяваннем для запісу голасу і відэапрадакшэна. Lounge-модуль з экранам падвышанай выразнасці - для трансляцый турніраў у прамым эфіры. А Bootcamp-зона на 10 гульнявых месцаў, абсталяваных магутным жалезам і топавымі дэвайсамі, падыдзе самым спрытным гульцам.

Meta Arena пачне працу 1 мая.


Source URL: https://xn--90aiaazdbkr9a.xn--90ais/news/main/beltelekam-dau-internet-na-khutkasci-500-mbit/s-dlya-pershay-kiberspartyunay-areny-u