Дадатак «Мой Горад» прэзентавалі удзельнікам трэнінгу «Разумныя гарады Беларусі - шляхі да развіцця»

Мабільны дадатак «Мой Горад» прэзентавалі удзельнікам трэнінгу «Разумныя гарады Беларусі - шляхі да развіцця», які прайшоў 22 ліпеня ў г. Глыбокае. Мерапрыемства арганізавана пры садзейнічанні Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і з'яўляецца часткай маштабнай праграмы міжнароднага свята «Вішнёвы фестываль».

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Лічбавае развіццё Беларусі» на 2021-2025 гады ў краіне рэалізуецца комплексны праект «Разумныя гарады Беларусі». Асноўная мэта трэнінгу - папулярызацыя канцэпцыі «разумны горад» і абмеркаванне практычных пытанняў яе ўкаранення з шырокім колам зацікаўленых.

Аб запуску пілотнага праекта «Мой горад» для жыхароў Полацка «Белтэлекам» абвясціў у лютым. Сёння дадаткам ужо карыстаюцца тысячы палачан. З яго дапамогай арганізавана зручнае інтэрактыўнае ўзаемадзеянне чалавека з гарадской экасістэмай: ад медыцыны і адукацыі да пакупак і вольнага часу. Запіс на прыём, заказ століка ў кафэ, аплата квіткоў, дастаўка тавараў - усё гэта даступна ў дадатку «Мой горад» у адзін клік.

Цікавасць да рэсурсу праявілі адміністрацыі многіх гарадоў. У хуткім часе універсальны мабільны памочнік з'явіцца ў Глыбокім, Пінску, Лепелі, Оршы, Баранавічах.

У праграму трэнінгу разам з прэзентацыяй прыкладання ўключаны пытанні дзяржрэгулявання рэгіянальнага лічбавага развіцця, стварэння ўмоў для функцыянавання адзінай сістэмы «разумнага горада». Акрамя гэтага, удзельнікі абмеркавалі эксперыментальны праект «Орша - «разумны квартал» і сэрвісы «разумнага горада» для сферы ЖКГ.

Мерапрыемства аб'яднала прадстаўнікоў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, РУП «Белтэлекам», вядучых арганізацый сістэмы Мінсувязі, а таксама раённых выканаўчых камітэтаў дзесяці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак рэспублікі, для якіх ў 2021 годзе прадугледжана распрацоўка Канцэпцыі развіцця «разумных гарадоў».

«Вішнёвы фестываль» будзе доўжыцца да 24 ліпеня. У першы дзень міжнароднага фестывалю, які супаў з днём нараджэння ураджэнца г.Глыбокае савецкага канструктара авіяцыйнай тэхнікі П.В. Сухога, таксама адбыліся выстава «Легенда сусветнай авіяцыі», прысвечаная 126-годдзю з дня нараджэння авіяканструктара, і выстава-прэзентацыя «Касмічныя, авіяцыйныя і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для «разумных гарадоў».


Source URL: https://xn--90aiaazdbkr9a.xn--90ais/news/main/dadatak-moy-gorad-prezentavali-udzelnikam-treningu-razumnyya-garady-belarusi-shlyakhi-da