«Белтэлекам» i АБФФ прадоўжаць супрацоўніцтва ў сезоне-2022

Супрацоўніцтва вядучага тэлекамунікацыйнага аператара і АБФФ працягнецца ў сезоне-2022. 16 лютага 2022 года дагавор аб партнёрстве падпісалі генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Юрый Петручэня і Старшыня Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Уладзімір Базанаў. У рамках пагаднення «Белтэлекам» як заснавальнік тэлеканала «ЯСНАе TV» атрымаў эксклюзіўнае права на трансляцыі не менш за 150 матчаў «Беларусбанк – Вышэйшай лiгi» сезона 2022 года, а таксама ключавых паядынкаў першай лігі.

Старшыня Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола»  Уладзімір БАЗАНАЎ:

– На сённяшні дзень «Беларусбанк – вышэйшая ліга» – гэта прадукт, які выклікае цікавасць у беларускай аўдыторыі і не толькі. За два папярэднія сезоны дзякуючы супрацоўніцтву Асацыяцыі з «Белтэлекамам» мы істотна павысілі якасць асвятлення нацыянальнага чэмпіянату і цікавасць да яго. Дзякуючы нашым партнёрскім адносінам у 2021 годзе гледачы не толькі атрымлівалі асалоду ад прамых трансляцый матчаў «Беларусбанк – вышэйшай лігі», але і ўпершыню ўбачылі на тэлебачанні матчы «Першай лігі»! Я хацеў бы падзякаваць Юрыю Мікалаевічу за плённае супрацоўніцтва і спадзяюся, што сезон 2022 года стане яшчэ больш прадуктыўным, а аматары футбола змогуць убачыць яшчэ больш захапляльных матчаў «Беларусбанк - вышэйшай лігі» як на стадыёнах, так і на тэлеканале «ЯСНАе ТV»!

Генеральны дырэктар РУП "Белтэлекам" Юрый ПЯТРУЧЭНЯ:

– З задавальненнем хачу адзначыць, што стратэгічнае супрацоўніцтва з Асацыяцыяй ідзе па нарастальнай. Прамыя спартыўныя трансляцыі сталі візітнай карткай канала «ЯСНАе ТV» і заваявалі ўвагу футбольных балельшчыкаў. У партнёрстве з АБФФ рыхтуецца да эфіру ўжо трэці сезон рэйтынгавай праграмы «Ясна пра футбол». Таксама працягваецца праца па стварэнні тэлекамунікацыйнай інфраструктуры на найбуйнейшых футбольных пляцоўках. Спартыўныя аб'екты маюць шырокапалосны доступ у інтэрнэт, абсталёўваюцца кропкамі Wi-Fi і сучаснымі сістэмамі відэакантролю. Лічбавыя сэрвісы «Белтэлекама» забяспечваюць якасныя трансляцыі матчаў, дапамагаюць ствараць камфортныя ўмовы для балельшчыкаў. Пры гэтым любы праект мы гатовы рэалізаваць пад ключ – ад пракладкі ліній сувязі да тэхнічнай падтрымкі.

28 лютага на тэлеканале «ЯСНАе ТV» стартуе новы сезон праекта «Ясна пра футбол». 30-хвілінная праграма будзе выходзіць у прывычны для гледачоў час: па панядзелках у 21:00 (21:30). Усяго – 33 выпуска. Праект захавае свой інфармацыйна-аналітычны фармат, але ў той жа час творчая група прапануе яшчэ больш эксклюзіва і аўтарытэтных меркаванняў экспертаў. Гледачоў чакаюць рэпартажы з матчаў «Беларусбанк – Вышэйшай лігі», інтэрв'ю, традыцыйны разбор працы арбітраў ад Паўла Быкава і Уладзіміра Кузьміна ў рубрыцы «Мяркуйце з намі», агляды ўсіх гульняў чэмпіянату краіны ў элітным дывізіёне.


Source URL: https://xn--90aiaazdbkr9a.xn--90ais/news/main/beltelekam-i-abff-pradouzhac-supracounictva-u-sezone-2022