Кіраўнікі галіны сувязі сустрэліся з выхаванцамі ваенна-патрыятычнага клуба «Граніт»
Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган і дырэктар РУП «Белтэлекам» Юрый Петручэня наведалі ваенна-патрыятычны клуб «Граніт», які размешчаны на базе вайсковай часці 5448 у Мінску. Падстава для сустрэчы – больш, чым прыемная: рабятам перадалі новую форму для заняткаў.
Зносіны пачаліся з цёплых прывітанняў, якія выхаванцам клуба адрасавалі намеснік міністра ўнутраных спраў – камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпенкаў, Канстанцін Шульган і Юрый Петручэня.
Як адзначыў Канстанцін Шульган, у клубе хлопцы праходзяць выдатную школу, атрымліваюць веды і навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ў жыцці, вучацца размаўляць і становяцца па-сапраўднаму згуртаваным калектывам. Менавіта тут фарміруецца сувязь пакаленняў і выхоўваюцца галоўныя пачуцці – патрыятызму, павагі і любові да сваёй Радзімы.
Мікалай Карпенкаў расказаў, што ўнутраныя войскі надаюць вялікую ўвагу ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Вельмі важна, каб дзеці раслі моцнымі, дужымі, здаровымі фізічна і мелі высокія маральныя якасці. Менавіта такія задачы стаяць перад настаўнікамі клуба.
Юрый Петручэня падкрэсліў, што дзякуючы клубу ў хлопчыкаў і дзяўчынак фарміруюцца правільныя жыццёвыя арыенціры. «Белтэлекам», са свайго боку, працягне дапамагаць «Граніту» ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы.
«Граніт» – другі клуб, адкрыты на базе вайсковай часці. Усяго такіх моладзевых аб'яднанняў ужо 19. Яго наведваюць сталічныя школьнікі 10-17 гадоў, прычым разам з хлопчыкамі займаюцца і дзяўчынкі. Падрастаючаму пакаленню тут прывіваюць пачуццё гонару за сваю краіну, знаёмяць з гісторыяй і подзвігам беларускага народа, прывучаюць да дысцыпліны і самастойнасці. Усё гэта і фармуе ўсвядомленую пазіцыю патрыёта і абаронцы Радзімы. Важная ўвага ўдзяляецца ўмацаванню здароўя і спартыўнай падрыхтоўцы, з юнакамі займаюцца вопытныя інструктары, спартсмены і афіцэры.
Характэрна, што многія падлеткі ўжо зрабілі прафесійны выбар і плануюць звязаць сваё жыццё са службай у шэрагах Узброеных Сіл ці ў праваахоўных органах.