Дадатку «Мой горад» споўнілася два гады

Два гады таму, у лютым 2021-га, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі сумесна з РУП «Белтэлекам» запусцілі мабільны дадатак «Мой горад». З таго часу ініцыятыва, рэалізаваная ў рамках праграмы «Лічбавае развіццё Беларусі», набывае ўсё большую папулярнасць. Сёння рэсурсам карыстаюцца жыхары 13 беларускіх гарадоў, яшчэ 24 рыхтуюцца да запуску.

Мабільнае прыкладанне мае просты і зразумелы інтэрфейс. З яго дапамогай насельніцтва атрымлівае зручны доступ да ўсёй гарадской інфраструктуры – адміністрацыі, дзяржаўных арганізацый, устаноў аховы здароўя і адукацыі, спартыўных, культурных і забаўляльных аб'ектаў. Для кожнага канкрэтнага населенага пункта ствараецца свая версія рэсурса, а тыпавы набор модуляў гнутка адаптуецца да запытаў мясцовых жыхароў.

Галоўная асаблівасць прыкладання – магчымасць зваротнай сувязі з усімі ўдзельнікамі праекта. Ідэя лічбавай камунікацыі з гарадскім асяроддзем атрымала вялікі пазітыўны водгук: амаль 50 тысяч запамповак, 3000 арганізацый-удзельнікаў, 450 тысяч праглядаў паслуг. Самымі актыўнымі карыстальнікамі сталі жыхары Полацка, Бабруйска, Пінска, Баранавіч і Жодзіна. Пры гэтым Полацк, дзе ў 2021 годзе стартаваў пілотны праект, упэўнена лідзіруе: больш за 14 тысяч палачан устанавілі дадатак, 170 тысяч разоў праглядалі паслугі і сэрвісы і 13 тысяч разоў аформілі заказы.

У ТОП запытаў на мабільнай платформе ўвайшлі паслугі «Белтэлекама», дзіцячых садоў, медыцынскіх цэнтраў, кафэ і рэстаранаў. Прыкладанне дазваляе запісацца на абслугоўванне ў сэрвісны цэнтр, на прыём да кіраўніка ўстановы, замовіць талон да лекара або забраніраваць столік у кафэ. «Мой горад» стаў сапраўды зручным мабільным памагатым, падаўшы ўсе паслугі горада ў адзін клік.

У 2022 годзе платформа атрымала сваё далейшае развіццё. Дадатак «Мой універсітэт» аблічбаваў асноўныя паслугі і сэрвісы для ВНУ. Пілотны праект рэалізаваны на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. 7,5 тысяч студэнтаў і супрацоўнікаў МДЛУ ўжо карыстаюцца дадаткам. На этапе падрыхтоўкі – Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі і Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

Дадатак «Мой горад (Беларусь)» даступны для запампоўкі на Android і iOS.

 


Source URL: https://xn--90aiaazdbkr9a.xn--90ais/news/main/dadatku-moy-gorad-spounilasya-dva-gady