Заслужанае прызнанне: лепшыя супрацоўнікі «Белтэлекама» адзначаны ўзнагародамі напярэдадні прафесійнага свята

Напярэдадні Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі ў «Белтэлекаме» прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне лепшых супрацоўнікаў кампаніі.

Віншаванне з прафесійным святам калектыву накіраваў Міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі. Генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксей Івашкін зачытаў прывітальны адрас, асабіста павіншаваў калег і ўручыў заслужаныя ўзнагароды.

Поспех і дасягненні «Белтэлекама» гэта вынік найвышэйшай асабістай адказнасці і прафесіяналізму кожнага з вас, – звярнуўся да прысутных Аляксей Івашкін. – Сёння мы ўшаноўваем тых, хто сваёй добрасумленнай працай уносіць неацэнны ўклад у развіццё кампаніі. Дзякуй за вашу працу, энергію і імкненне да дасканаласці!

Цёплыя словы генеральны дырэктар адрасаваў ветэранам прадпрыемства і павіншаваў калектыў з важнай датай, якая аб'ядноўвае ўсе пакаленні, – 80-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

«Белтэлекам» сёння – гэта больш за 12 тысяч спецыялістаў, якія забяспечваюць стабільную працу тэлекамунікацыйнай інфраструктуры па ўсёй краіне. На святочным мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх філіялаў і падраздзяленняў кампаніі.

Найлепшыя супрацоўнікі ўдастоены таксама ўзнагарод ад Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў сувязі.

Ганаровай граматай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ўзнагароджаны пяць сувязістаў, Падзякай Міністра – 14. Тры работнікі філіялаў занесены ў Кнігу Пашаны прадпрыемства. Ганаровай граматай РУП «Белтэлекам» удастоены 28 супрацоўнікаў, Падзяка генеральнага дырэктара аб'яўлена 37 работнікам. Таксама ўручаны Падзякі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – аднаму сувязісту і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў сувязі – шасці.

Асаблівым гонарам стала занясенне імёнаў лепшых супрацоўнікаў на Дошку гонару прадпрыемства.

Урачыстае мерапрыемства завяршылася святочным канцэртам.

Калегі, ад усёй душы віншуем з заслужанымі ўзнагародамі і жадаем новых яркіх дасягненняў і прафесійных поспехаў!

Больш фота з мерапрыемства – у нашым тэлеграм-канале. Падпішыцеся, каб быць у курсе!


Source URL: https://beltelecom.by/news/main/zasluzhanae-pryznanne-lepshyya-supracouniki-beltelekama-adznachany-uznagarodami