Ад пакалення да пакалення: урачыстая сустрэча аб'яднала ветэранаў «Белтэлекама»
25 чэрвеня, напярэдадні 30-годдзя з дня заснавання РУП «Белтэлекам», у г.Мінску прайшла ўрачыстая сустрэча кіраўніцтва з ветэранамі прадпрыемства. Больш за 500 былых супрацоўнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі сабраліся ў сталіцы, каб узгадаць гады сваёй працы, паразмаўляць з былымі калегамі і даведацца пра сённяшняе развіццё кампаніі.
Юбілей стаў падставай падвесці вынікі, ацаніць маштаб праведзенай працы і з гонарам адзначыць дасягненні. Генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Аляксей Івашкін цёпла прывітаў прысутных. Ён падзяліўся высокімі вынікамі юбілейнага года: філіялы прадпрыемства зноў прадстаўлены на Рэспубліканскай дошцы гонару, «Белтэлекам» удастоены прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне працы і пяты раз стаў лаўрэатам Прэміі Урада ў галіне якасці.
Кіраўнік таксама расказаў аб праектах, над якімі сёння працуе калектыў, далейшых планах і, вядома, аб рэбрэндынгу. Аляксей Івашкін прадставіў прысутным абноўлены брэнд РУП «Белтэлекам», адзначыўшы што знак новага лагатыпа – стылізаваная малекула ДНК – адлюстроўвае развіццё, пераемнасць і сувязь пакаленняў. «Для нас было асабліва важна падкрэсліць, наколькі значнае і каштоўнае тое, што зроблена шматлікімі пакаленнямі нашых папярэднікаў. Новы лагатып сімвалізуе спадчыну, створаную вамі, і нашу гатоўнасць рухацца далей», – падкрэсліў генеральны дырэктар.
Аляксей Івашкін выказаў глыбокую падзяку ветэранам за іх неацэнны ўклад у развіццё прадпрыемства: «Усе цяперашнія дасягненні – гэта наш агульны поспех! Сардэчна дзякую кожнаму з вас за сілы, веды і энергію, якія вы аддавалі роднаму прадпрыемству. Менавіта вы заклалі найлепшыя прафесійныя традыцыі, якія мы з гонарам працягваем. Выказваю вялікую ўдзячнасць усім, хто прайшоў з намі большую частку працоўнага шляху, хто сваёй добрасумленнай працай ствараў надзейнае і стабільнае прадпрыемства «Белтэлекам»!»
Цёплыя словы падзякі ветэранам адрасавала і старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі РУП «Белтэлекам» Анастасія Лазейка. Яна зазначыла, што і сёння ветэраны прадпрыемства займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, удзельнічаюць у творчых мерапрыемствах, сустрэчах з моладдзю і іншых праектах.




