«Белтэлекам» выбірае «Лепшага прадаўца-2025»: у Магілёве праходзіць фінал рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства

З 15 па 17 кастрычніка ў Магілёве пройдзе рэспубліканскі конкурс прафмайстэрства «Лепшы прадавец РУП «Белтэлекам». У фінале сустрэнуцца сем каманд, якія прадстаўляюць усе абласныя філіялы кампаніі і «Мінскую гарадскую тэлефонную сетку». Свае веды, навыкі і ўменне знаходзіць падыход да кожнага кліента на конкурсе прадэманструюць наймацнейшыя спецыялісты ўсіх падраздзяленняў.

Конкурс накіраваны на дасягненне ключавых бізнес-мэт кампаніі, перш за ўсё – на павышэнне якасці абслугоўвання і ўзроўню кліенцкага сэрвісу. Арганізатары ўпэўнены, што мерапрыемства паслужыць стымулам да бесперапыннага прафесійнага росту, раскрые патэнцыял супрацоўнікаў і ўмацуе асабістую адказнасць за вынік.

Офісы продажаў «Белтэлекам», а іх больш за 140 па ўсёй краіне, з'яўляюцца ключавым звяном у рабоце з абанентамі. Спецыялісты па продажы адказваюць за рэалізацыю паслуг і тавараў, але самае галоўнае – менавіта яны першымі сустракаюць кліентаў, дапамагаючы выбраць аптымальныя рашэнні.

«Наша мэта стаць аператарам лічбавай экасістэмы і прапанаваць кліентам максімум паслуг і магчымасцяў. За апошнія гады мы пашырылі свой прадуктовы партфель і выйшлі ў зусім новыя сферы. Гэта патрабуе ад каманды камерцыйнага блока сталага падвышэння кваліфікацыі і новых кампетэнцый. Спецыялісты па продажы твар нашай кампаніі для мільёнаў абанентаў, іх экспертыза і прафесіяналізм аснова кліентаарыентаванага падыходу, – адзначыў генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Аляксей Івашкін.

Праграма спаборніцтваў насычаная і ўключае як індывідуальныя, так і камандныя іспыты. Удзельнікаў чакаюць тэсціраванне, практычныя заданні па продажах для прыватных і бізнес-кліентаў, дзелавая гульня, якая мадэлюе рэальныя працоўныя сітуацыі. Камандам таксама трэба будзе прэзентаваць сваё бачанне стратэгічнага развіцця экасістэмы кампаніі і ўнесці прапановы па паляпшэнні якасці продажаў.

Акрамя прафесійных іспытаў, запланаваны і конкурсы ад прафсаюзнай арганізацыі: традыцыйная «Візітоўка каманды» і творчы этап, дзе ўдзельнікі змогуць праявіць усе свае таленты.

Вынікі конкурсу, імёны пераможцаў і прызёраў будуць аб'яўлены 17 кастрычніка. Жадаем нашым калегам удачы і натхнення!

Усе навіны і фотасправаздачы з конкурсу – у нашым тэлеграм-канале. Падпішыцеся, каб быць у курсе падзей!


Source URL: https://xn--90aiaazdbkr9a.xn--90ais/news/main/beltelekam-vybirae-lepshaga-pradauca-2025-u-magilyove-prakhodzic-final-respublikanskaga