У коле сяброў і калег: у «Белтэлекаме» прайшлі Калядныя сустрэчы з ветэранамі
Адны з самых цёплых і значных традыцый «Белтэлекама» – гэта Калядныя сустрэчы з ветэранамі кампаніі. Сёлета мы зноў сабраліся, каб ва ўрачыстай і цёплай атмасферы павіншаваць тых, хто сваёй шматгадовай працай заклаў падмурак нашага поспеху.
Са шчырымі словамі ўдзячнасці і найлепшымі пажаданнямі да ветэранаў звярнуліся першы намеснік Генеральнага дырэктара Генадзь Мельнікаў, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Анастасія Лазейка і старшыня савета ветэранаў прадпрыемства Алена Антульская. Прамоўцы адзначылі, што досвед і жыццёвая мудрасць ветэранаў-сувязістаў служаць арыенцірам для маладых спецыялістаў, якія прыходзяць на прадпрыемства. Кіраўнікі падзякавалі ўсім прысутным за адданасць справе і пажадалі ім моцнага здароўя, бадзёрасці духу і дабрабыту ў гэтым годзе.
Сустрэча былых калег – гэта заўсёды мора эмоцый і радасных успамінаў! Госці мерапрыемства з задавальненнем гутарылі, дзяліліся навінамі і, вядома, фатаграфаваліся на памяць у святочнай фотазоне. Выдатны настрой усім удзельнікам падарыла яркая канцэртная праграма.
Клопат аб ветэранах заўсёды быў і застаецца прыярытэтам нашай кампаніі. У гэтыя зімовыя дні навагоднія і калядныя мерапрыемства праходзяць ва ўсіх філіялах «Белтэлекама». Калектывы ў рэгіёнах рыхтуюць сардэчныя праграмы, каб асабіста павіншаваць і падзякаваць сваім настаўнікам.
Дарагія ветэраны! Няхай вашы сэрцы заўсёды будуць сагрэтыя ўвагай блізкіх, а энергія і аптымізм застаюцца з вамі на доўгія гады. Дзякуй за вашу працу!



