СМІ пра нас - сувязісты, як заўсёды на перадавой у прадастаўленні якасных паслуг насельніцтву

Газета "Голас Сенненшчыны " /Рубрыка - Чалавек сярод нас.

Знайсці пашкоджанне кабеля і ліквідаваць у мінімальныя тэрміны, дапамагчы ва ўсталёўцы абсталявання, падвесці абаненту Інтэрнэт– гэта толькі частка той працы, якой займаўся Уладзімір Карніцкі, супрацоўнік Сенненскага ўчастка электрасувязі Аршанскага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам», цяпер на пенсіі.

Крыху менш за месяц Уладзімір Генрыхавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Прызнаецца, яшчэ ў поўнай меры не ўсвядоміў, што нікуды спяшацца па раніцах не трэба. Абранай калісьці справе Уладзімір Генрыхавіч прысвяціў 40 гадоў. Яго працоўная кніжка - праца ў сферы сувязі. За гэтыя гады Уладзімір прайшоў усе службовыя прыступкі - ад электраманцёра да начальніка ўчастка.
У далёкім 1978 годзе паступіў у Віцебскі электратэхнікум сувязі, узяўшы прыклад са свайго знаёмага, які ўжо з'яўляўся студэнтам установы адукацыі. Працоўную дзейнасць пачынаў на малой радзіме ў г.п. Багушэўск электраманцёрам сувязі 5 разраду Багушэўскага ўчастка сувязі. «На той момант тут было занята каля 30 чалавек, - успамінае Уладзімір Карніцкі. - Участак быў вялікі, адпаведна і працы было шмат. Акрамя кабельных ліній сувязі была вялікая працягласць паветраных ліній сувязі».
З асаблівай настальгіяй сёння ўспамінае рабочыя будні Уладзімір. І той час, калі даводзілася ўстараняць пашкоджанні паветраных ліній, аднаўляць абарваныя драты, ад якіх залежала праца радыёвяшчання. Прычым зрабіць гэта трэба было як мага хутчэй, вярнуць жыхароў вёсак, так бы мовіць да цывілізацыі, бо раней у населеных пунктах радыё было першараднай крыніцай навін. Зімой на ліквідацыю аварыйных сітуацый часцяком у якасці сродкаў перамяшчэння ў спецыялістаў станавіліся лыжы.
Цяпер сеткі мадэрнізуюцца, прадастаўляюцца паслугі інтэрактыўнага тэлебачання ZALA, высакахуткаснага Інтэрнэту byfly. "Жыццё імкліва ідзе наперад, гадоў 20 таму пра гэта нават ніхто і не думаў, - распавядае Уладзімір Генрыхавіч. - Але сувязісты, як заўсёды на перадавой у прадастаўленні якасных паслуг насельніцтву. Ідуць у нагу з часам, асвойваючы і падаючы інфармацыйныя навінкі".
Пра сваю працу Уладзімір Генрыхавіч можа казаць шмат, відаць наколькі яна яму цікавая і наколькі адказна ён падыходзіў да яе выканання.
Сяргей Царонак, начальнік Сенненскага ўчастка электрасувязі Аршанскага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП "Белтэлекам", распавядаючы пра свайго супрацоўніка, характарызуе яго як спецыяліста з вялікай літары. "Не аднойчы яго прафесійная праца была адзначана падзякамі вышэйстаячага кіраўніцтва. Сёння, будучы на пенсіі, ён не адмаўляе ні ў радзе, ні ў кансультацыі нашым спецыялістам, за гэта яму вялікі дзякуй, - кажа Сяргей Царонак. - Бо ён выдатна ведае не толькі ўчастак Багушэўскай зоны, але і іншых населеных пунктаў".
Па слядах Уладзіміра Генрыхавіча пайшоў і яго сын. Ён скончыў Віцебскі філіял акадэміі сувязі, цяпер завочна атрымлівае адукацыю ў Акадэміі сувязі ў Менску. "Спадзяюся, пачатую мной справу ў будучыні працягне сын, - адзначае Уладзімір. - Будзе ў нас свая дынастыя сувязістаў Карніцкіх".

Ва Уладзіміра Генрыхавіча пачаўся новы жыццёвы этап - пенсійны. Ён абяцае быць не менш насычаным і цікавым. У планах ва Уладзіміра Генрыхавіча пабудаваць дом на беразе возера. Участак для гэтага даўно набыты ў вёсцы Запаветнае. Справа за малым. Упэўнены, справіцца з гэтым Уладзімір Карніцкі на выдатна, як і спраўляецца з любымі задачамі.


Source URL: https://xn--90aiaazdbkr9a.xn--90ais/node/969944