«Белтэлекам» выступіў партнёрам XIV Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі «ТэхнаІнтэлект», які прайшоў 13-14 сакавіка ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Кампанія падрыхтавала памятныя падарункі для ўсіх прызёраў конкурсу.
Конкурс аб'яднаў маладых таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў Беларусі: навучэнцаў інжынерных класаў, ліцэістаў, студэнтаў каледжаў і ВНУ. Усяго – больш за 160 удзельнікаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, якія прадставілі свае працы ў 12 секцыях – ад энергетыкі і экалогіі да авіяцыі і робататэхнікі.
Наталля Падута, начальнік аддзела па арганізацыі продажаў паслуг і рэалізацыі праектаў юрыдычным асобам РУП «Белтэлекам», падкрэсліла значнасць такіх мерапрыемстваў: «Для «Белтэлекама» падтрымка конкурсу навукова-тэхнічнай накіраванасці – гэта інвестыцыі ў будучыню, бо сёння запатрабаваны спецыялісты з сур'ёзнай адукацыяй, лідэрскімі якасцямі і актыўнай жыццёвай пазіцыяй».
Конкурс інавацыйных рашэнняў «ТэхнаІнтэлект» стаў сапраўднай платформай для дэманстрацыі ідэй, праектаў і навуковых дасягненняў маладых даследчыкаў. На выставе тэхнічнай творчасці былі прадстаўлены суда- і авіямадэлі, розная тэхніка, энергазберагальныя прыборы і арыгінальныя тэхнічныя рашэнні. У творчай частцы экспазіцыі можна было ўбачыць работы па архітэктурным малюнку, жывапісе і кампазіцыі.
Вядомыя навукоўцы, вынаходнікі і педагогі нашай краіны правялі майстар-класы і лекцыі па тэматыцы рацыяналізатарскай і вынаходніцкай дзейнасці, сучасным камп'ютарным тэхналогіям і творчым напрамкам.
Жадаем усім удзельнікам конкурсу «ТэхнаІнтэлект» далейшых поспехаў і яркіх дасягненняў у галіне навукі і тэхнікі!