18 лістапада 2026 года на пляцоўцы Стартап-цэнтра Парка высокіх тэхналогій стартавала I Міжнародная алімпіяда па інфармацыйных тэхналогіях Inter IT-Challenge. За званне найлепшых змагаюцца студэнцкія каманды з Беларусі, Расіі, Кітая і Кыргызстана.
Урачыстае адкрыццё адбылося з удзелам кіраўнікоў профільных ведамстваў, ВНУ і вядучых арганізацый краіны. Удзельнікаў падтрымалі міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі і генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Аляксандр Кенда. Эксперты падкрэслілі важнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных ІТ-кадраў для лічбавай эканомікі, умацавання сувязей паміж адукацыяй і бізнесам, а таксама адзначылі задачы па ўкараненні і практычнаму прымяненні самых перспектыўных ідэй і рашэнняў.
Міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі:
– Такія стымулы, як алімпіяды і конкурсы сярод студэнтаў, дазваляюць удзельнікам падтрымліваць сябе ў тонусе і паспяваць за імклівым развіццём сферы. Пасля трох нацыянальных алімпіяд мы выйшлі на міжнародны ўзровень. Упэўнены, што ў будучыні гэты фармат стане рэгулярным і будзе карыстацца папулярнасцю не толькі ў беларускіх студэнтаў, але і ў студэнтаў з краін-партнёраў.
У першы дзень алімпіяды камандам трэба выканаць конкурсныя заданні па чатырох трэках: праграмаванне, аналіз даных, машыннае навучанне і інфармацыйная бяспека. Журы пад старшынствам Кірыла Залескага ацэніць не толькі тэхнічны ўзровень і практычную каштоўнасць рашэнняў, але і тое, як удзельнікі змогуць прэзентаваць свае праекты.
Вынікі алімпіяды падвядуць 19 лістапада: журы правядзе праверку конкурсных работ і ўрачыста ўзнагародзіць пераможцаў.
Аб праекце. Inter IT-Challenge – гэта спаборніцтва па інфармацыйных тэхналогіях і пляцоўка для ўзаемадзеяння ўніверсітэтаў, дзяржаўных арганізацый, ІТ-кампаній і прамысловых прадпрыемстваў. Праект накіраваны на развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, абмен практычным вопытам і фарміраванне прафесійнай супольнасці маладых спецыялістаў.