26 мая 2021 г. намеснікам генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях РУП «Белтэлекам» прызначаны Андрэй Жаркевіч. Адпаведны загад падпісаны генеральным дырэктарам прадпрыемства Юрыем Петручэней.
Андрэй Рамуальдавіч Жаркевіч нарадзіўся 31 сакавіка 1979 г. у вёсцы Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці. У 2010 годзе скончыў Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі, у 2012-м - Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працоўны шлях пачынаў электраманцёрам чацвёртага разраду брыгады па капітальным і бягучым рамонце лінейна-кабельных збудаванняў Мінскага раённага цэха электрасувязі «Мiнсквоблтэлекама». Прайшоўшы па прыступках прафесійнай лесвіцы, у 2015 годзе стаў начальнікам Мінскага раённага цэха электрасувязі. У 2019-2021 гадах - дырэктар Мінскага філіяла РУП «Белтэлекам». З'яўляецца дэпутатам Мінскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання.
Таксама загадам генеральнага дырэктара РУП «Белтэлекам» начальнікам вытворчасці «Мінская тэлефонна-тэлеграфная станцыя» прызначаны Уладзімір Чугуноў.
Уладзімір Рыгоравіч Чугуноў нарадзіўся ў вёсцы Палянінавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці 9 верасня 1962 года. У 1995 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Працаваў начальнікам Крупскага, затым Смалявіцкага вузлоў электрасувязі Мінскага філіяла РУП «Белтэлекам». З'яўляецца дэпутатам Крупскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання.